http://news.tut.by/society/105807.html
7 кастрычніка на кальцавой ДАІшнікі таксама ставілі “жывы шчыт”?
24 марта 2008 » Общество
фотоТады інспектары спрабавалі спыніць нецвярозага кіроўцу “Пежо”. Па словах аднаго з пацярпелых, Станіслава, ён атрымаў складаны пералом нагі і да гэтага часу ходзіць на мыліцах. Кіроўцу далі 2 гады зняволення.
Зміцер Панямонаў, "Еўрапейскае радыё для Беларусі"
Як стала вядома Еўрарадыё, чатыры месяцы таму на развязцы Кальцавая дарога - Лагойская шаша інспектары ДАІ, магчыма, таксама з дапамогай “жывога шчыта” спрабавалі спыніць нецвярозага кіроўцу “Пежо”. Пра гэта расказаў адзін з пацярпелых - Станіслаў.
Станіслаў: “Гэта 7 кастрычніка было на развязцы з Лагойскім трактам. Колькі ўсяго машын спынілі, я дакладна не памятаю. Толькі бітых было каля шасці машын. А колькі яшчэ спынілі, я сказаць не магу, бо там яшчэ шмат перада мной стаяла. Я зварочваў на Лагойскі тракт, а кальцавая і далей была перакрытая машынамі. Па шчырасці, я ўсё вельмі дрэнна памятаю, бо ў маю машыну быў такі моцны ўдар, што апрытомнеў я толькі ў “хуткай дапамозе”.
Па словах пацярпелага, ДАІшнікі, якія спынілі яго машыну, не падыходзілі і не тлумачылі прычыну спынення. Тым больш, не прапанавалі як хутчэй выйсці з аўтамабіля.
Станіслаў: “Ніхто нам не дазволіў нікуды выходзіць. Прайшло не больш за хвіліну, як я спыніўся, нават машыну не паспеў заглушыць. І ўсё - удар”.
Машына Станіслава - “Таўрыя” з ручным кіраваннем - рамонту не падлягае. За аўто была налічана страхоўка ў 2 мільёны рублеў.
Ахвяра “жывога шчыта” атрымаў складаны пералом нагі і да гэтага часу ходзіць на мыліцах. Яго дзяўчына, якая сядзела побач, атрымала шматлікія ўдары і парэзы.
Станіслаў: “Зараз ужо крыху лепш, але ўсё адно да гэтага часу з мыліцамі хаджу. А дзяўчыне накладалі швы, і шматлікія сінякі”.
Па словах пацярпелага, уцекачу на “Пежо” за кіраванне аўтамабілем без пасведчання кіроўцы ў нецвярозым стане і стварэнне небяспечнай сітуацыі на дарозе далі 2 гады зняволення.
На пытанне Еўрарадыё, чаму ён толькі цяпер разам з іншымі пацярпелымі вырашылі звярнуцца да адваката Веры Страмкоўскай, Станіслаў адказаў так:
Станіслаў: “Мне было не да таго, каб некуды ісці і звяртацца. Калі ляжаў у шпіталі, у мяне розныя ўскладненні былі. І боль страшэнны, і аперацыі. Пра гэта не думаў. Думалася пра тое, каб хутчэй усе загаілася і выпісацца”.
Зараз удзельнікі кастрычніцкага здарэння збіраюць дакументы, каб пацвердзіць стварэнне ДАІшнікамі менавіта “жывога шчыта” з іх машын на шляху п’янага кіроўцы.
Станіслаў: “Трэба са следчым пагаварыць - куды ён аддаваў матэрыялы справы. Схема дарожна-транспартнага здарэння, напэўна, у ДАІ павінна быць. Зараз будзем даведвацца, дзе гэта ўсё знаходзіцца”.
Еўрарадыё паспрабавала даведацца, ці вядомы ДАІ гэты выпадак. Але, па словах начальніка рэспубліканскага ДПС Юрыя Літвіна, ён першы раз пра гэта чуе.
Юры Літвін: “Я патлумачыць пра гэты выпадак нічога не магу, бо ў мяне такой інфармацыі няма”.
Нічога пра здарэнне 7 кастрычніка на Лагойскім тракце не ведае і начальнік аддзела агітацыі і прапаганды ДАІ Мінгарвыканкама Жана Трайно.
Жана Трайно: “Я не ведаю, пра якое здарэнне вы гаворыце!”
І параіла ўсім пакрыўджаным дзеяннямі інспектараў ДАІ звяртацца са скаргамі.
Жана Трайно: “Калі кагосьці пакрыўдзілі, ёсць парадак звароту грамадзян у органы ўнутраных спраў. Дасылаецца заява, можна зрабіць тэлефонны званок і гэтак далей. На любыя здарэнні мы абавязаныя рэагаваць. І на ўсе заявы і звароты грамадзян”.
На сайце МУС у зводках ДТЗ за першую дэкаду кастрычніка нічога пра аварыю на развязцы кальцавая дарога - Лагойская шаша Еўрарадыё таксама не знайшло. Мы будзем сачыць за падзеямі вакол гэтага здарэння…